ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,

адзін з відаў поля фізічнага, з дапамогай якога перадаюцца электрамагнітныя ўзаемадзеянні. У вакууме характарызуецца напружанасцю эл. поля і магн. індукцыяй, у асяроддзі — эл. зрушэннем і напружанасцю магн. поля.

Асобныя выпадкі Э.п. — электрастатычнае поле (ствараецца нерухомымі зарадамі) і магнітнае поле (ствараецца нерухомымі праваднікамі з пастаянным эл. токам або пастаяннымі магнітамі). З Максвела ўраўненняў вынікае, што пераменныя магн. і эл. палі ўзаемазвязаны, а іх прасторавае размеркаванне ў часе вядзе да ўзнікнення электрамагнітных хваль. Законы Э.п. узаемадзеянне і рух у ім зараджаных часціц вывучае класічная электрадынаміка. Э.п. падпарадкоўваецца суперпазіцыі прынцыпу, яно характарызуецца энергіяй, імпульсам і момантам імпульсу, для якіх выконваюцца адпаведныя захавання законы. У квантавай фізіцы Э.п. разглядаюць як «газ» элементарных часціц — фатонаў; квантавыя ўласцівасці Э.п. (гл. Комптана эфект, Фотаэфект) вывучае квантавая электрадынаміка. Гл. таксама Магнетызм.

Літ.:

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. 7 изд. М., 1988.

Ю.​М.​Хачатран.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)